ТЫ́РНАЎСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1879,
першая канстытуцыя Балгарыі. Прынята балг. Устаноўчым сходам 16.4.1879 у г. Тырнава (цяпер г. Вяліка-Тырнава) пасля вызвалення краіны ад тур. няволі ў выніку рус.-тур. вайны 1877—78. Адна з найб. дэмакр. канстытуцый свайго часу: дэкларавала роўнасць грамадзян перад законам, скасоўвала падзел на саслоўі, прадугледжвала ўсеагульнае выбарчае права для мужчын, якія дасягнулі 21 года, свабоду друку, абавязковае бясплатнае пачатковае навучанне, недатыкальнасць асобы і маёмасці. Для распрацоўкі законаў і зацвярджэння бюджэту ўводзіўся аднапалатны парламент. Выканаўчая і ваен. ўлада засяроджвалася ў руках спадчыннага князя, заканад. ўладу якога абмяжоўваў парламент. У 1881 Т.к. адменена, у 1883—84 адноўлена. Пасля дзярж. перавароту 19.5.1934 не дзейнічала, афіцыйна адменена 4.12.1947 паводле рашэння Вял. нац. сходу.
т. 16, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)